Націснуць, каб павялічыць...

Пачатковая школа н-р 4 у Беластоку

Беларуская адукацыя вядзецца ня толькі на ўроках — шмат праектаў ажыцьцяўляецца па-за школай.

З 1998 году вучні маюць магчымасьць займацца працай у беларускім тэатральным гуртку „Гульня ў тэатар”. Кожны год рыхтуюць яны свой спэктакаль на беларускай мове пад кіраўніцтвам настаўніцы А. Ваўранюк. Стала ўжо традыцыяй, што ў апошні панядзелак навучальнага году праводзіцца адмысловае яго заканчэньне і прэзэнтацыя спэктакляў. З 2005 году гэтыя сустрэчы адбываюцца ў памяшканьнях Ваяводзкага асяродка анімацыі культуры ў Беластоку. Маладыя акторы пасьпяхова выступаюць на конкурсах тэатральных калектываў. „Гульня ў тэатар” супрацоўнічае з Тэатральнай акадэміяй у Беластоку.

У 2006 годзе праект атрымаў фінансавую дапамогу Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

З 2004 году вучні маюць магчымасьць працаваць на занятках беларускага плястычнага гуртка. Удзельнікі рыхтуюць велікодныя і калядныя паштоўкі, арганізуюць кірмашы, займаюцца вышыўкай і саломапляценьнем.

У 2004 годзе старэйшым вучням адкрыўся тыднёвы этнаграфічны летнік „Я нарадзіўся тут” у Белавежы. Яго ўдзельнікі ня толькі адпачывалі пасьля навукі, але перш-наперш знаёміліся з геаграфіяй, прыродай, гісторыяй, а таксама матэрыяльнай і культурнай спадчынай гэтай часткі нашай малой айчыны. Заняткі вялі Эва і Анджэй Кэчынскія, Дарафей і Аня Фёнікі, Марыя Нічыпарук ды Івона Марціновіч. Моладзь зацікавілася заняткамі, актыўна працавала, вучылася, ахвотна набывала веды і ўменьні, добра гуляла і галоўнае — сярод іх узьнікла ідэя сваёй тэатральнай групы „Барацьба” (Беларускае актыўнае роднае аб’яднаньне цьвёрдых братоў анты), завадатарам якой стала Ася Стэльмашук (спэктаклі: „Дом”, „Сьмех ня грэх”, „Зерне”).

З 2005 году праводзяцца два летнікі. Старэйшыя вучні правялі свой у мельніцкай гміне, у Такарах (заняткі вялі Дарафей і Аня Фёнікі, Лена Глагоўская, Гражына Харытанюк, Юры Туронак, Валянціна Лойка з Валяй, Веранікай і Касяй).

Малодшыя гасьцявалі ў хаце спадарства Лукашукоў у Сацах, вучыліся саломапляценьня пад вокам Валянціны Лойкі і яе дзяўчат, наведалі майстэрню разьбяра Уладзімера Навумюка.

У 2006 годзе два летнікі адбыліся на Бельшчыне — у школе ў Ягуштове. З малодшаю групай гулялі вучні зь Менску, якія прыехалі з настаўніцай польскай мовы Леанардай Мухінай. Заняткі вялі Ніна Сокалаў-Кубай, Алена Емельяновіч, Натальля Жук, Дарафей Фёнік. Сустракаліся мы таксама з Надзеяй Артымовіч.

Летнікі дапамаглі вучням завязаць новыя сяброўствы, пазнаёміцца з багатай гісторыяй і традыцыяй розных рэгіёнаў Падляшша, народнымі майстрамі, мастакамі, пісьменьнікамі. Далі пачуцьцё вялікага гонару з-за нараджэньня і пражываньня на гэтай зямлі.

Адбыліся экскурсіі для вучняў і бацькоў у Беларусь і Літву:

— 11-12 чэрвеня 2004 году: Гародня, Мір, Наваградак, Мураванка (48 удзельнікаў),

— 25-29 траўня 2005 году: Менск, Заслаўе, Полацак (68 удзельнікаў),

— 14-16 кастрычніка 2005 году: Трокі, Вільня (42 удзельнікі),

— 25-28 сьнежня 2005 году: сьвяточны майстар-кляс у Заслаўі і Менску.

У беластоцкай школе адбыліся канцэрты беларускіх музыкаў: Лявона Вольскага (2004), Зьмітра Вайцюшкевіча і Віктара Шалкевіча (2005).

У сакавіку 2006 году на тыднёвую пабыўку ў Беласток прыехала група дзяцей і моладзі зь Менску — мы супольна адсьвяткавалі Дзень Волі, глядзелі цікавыя тэатральныя спэктаклі, наведалі Супрасьль, Гайнаўку, Белавежу й Тэрэміскі, зьезьдзілі ў Варшаву на выстаўку Малгажаты Дмітрук.

Вясною 2006 году ўпершыню наладзілі выстаўку „Беларуская хатка”, замяніўшы залю для навучаньня беларускай мовы ў старую хату, прыдбаўшы раней адпаведныя экспанаты.